Беларуская Служба

Даследаванне: больш за 20 тысяч айцішнікаў з'ехалі з Беларусі за мінулы год

15.10.2021 15:11
Больш за 20 тысяч ІТ-спецыялістаў з'ехалі з Беларусі за мінулы год.
Ілюстрацыйнае фотаФота Дзмітрыя Дзмітрыева / novychas.by

Такую лічбу назвала заснавальніца стартап-хаба «Imaguru» Таццяна Марыніч 14 кастрычніка падчас анлайн-дыскусіі «Дыялог аб будучыні», арганізаванай «Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў» (BISS) і «Belarus in Focus».

Гэтыя арганізацыі былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Паводле даследавання, праведзенага «Imaguru» ў верасні 2021 года, 58% усіх заснавальнікаў стартапаў ужо пакінулі краіну.

— Больш за палову інавацыйнага бізнесу — гэта вельмі сур'ёзная лічба, — мяркуе Марыніч.

Яна заявіла, што айцішнікі, як, зрэшты, і іншыя беларускія прадпрымальнікі, цяпер не думаюць аб развіцці бізнесу ўнутры краіны, а праяўляюць цікавасць да інструментаў, якія дазваляюць развіваць яго за мяжой. Па сутнасці, яны выбіраюць стратэгію чакання, адмаўляючыся ад новых інвестыцый і праектаў.

— Мы бачым велізарную колькасць запытаў па той падтрымцы, якую мы можам аказаць рэлакуемаму бізнесу, — сказала стваральніца стартап-хаба. Гэта «трывожны сімптом», упэўненая Марыніч.

Экспертка таксама мяркуе, што «пры захаванні статусу-кво, калі нічога не зменіцца ў палітыцы і эканоміцы, за ІТ-кампаніямі і спецыялістамі рушыць услед адток з Беларусі прадпрымальнікаў і людзей, здольных пачынаць бізнес».

"Новы Час" / вх