Беларуская Служба

Палітык Мікола Статкевіч кажа, што прысуд яму будзе ў канцы кастрычніка

15.10.2021 16:27
Статкевіча даставяць у залу суда для ўдзелу ў спрэчках бакоў.
Mikoła Statkiewicz
Mikoła Statkiewiczstatkevich.org

Пра гэта «Радыё Свабода» расказала жонка палітвязня Марына Адамовіч. Працэс па справе Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і іншых ідзе ўжо амаль чатыры месяцы.

13 кастрычніка споўнілася 500 дзён з моманту затрымання Міколы Статкевіча. У чэрвені 2020 года яго выцягнулі з аўтамабіля па дарозе на мінскі Камароўскі рынак, дзе Статкевіч збіраўся паўдзельнічаць у перадвыбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай.

Судзіць Міколу Статкевіча пачалі разам з Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і шэрагам іншых палітвязняў толькі праз год – у канцы чэрвеня 2021-га.

«Апошнім часам ліставанне ў нас з Міколам зноў наладзілася, – расказала Марына Адамовіч. – Ён вельмі ёмісты ў сваіх лістах. Я заўсёды здзіўляюся, як ён можа на адным лісціку столькі тэм закрануць. Што датычыць умоў утрымання, то пісаў, што ў камеры ў яго чамусьці не было ўключанае ацяпленне. Згадваў, што калі выходзіў на шпацыр, то быў вымушаны распранацца. Бо на вуліцы было заўважна цяплей, чым унутры».

Паводле слоў Марыны Адамовіч, пра ход працэсу па справе мужа яна амаль нічога не ведае. Адвакаты абвінавачаных находзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні і нічога пра пасяджэнні не расказваюць. Яна ведае толькі, што Мікола прысутнічаў на першых трох, і тое, толькі па 15 першых хвілін, пасля чаго суддзя выдаляў Статкевіча з залы. Цяпер палітвязень адхілены ад суду да моманту пачатку спрэчак бакоў. Таму калі ён захоча, то апошняе слова зможа сказаць. Марына Адамовіч кажа, што гэта можа здарыцца яшчэ ў кастрычніку.

«Мікола піша, што, па яго адчуваннях, прысуд можа быць абвешчаны ўжо да канца месяца, – кажа Марына Адамовіч. – Як вы разумееце, інфармацыі з працэсу ў нас амаль няма. Адвакаты не могуць нічога расказваць. Мікола сустракаецца са сваім адвакатам, седзячы ў клетцы, у той час як адвакат знаходзіцца за некалькі метраў за шклом. Няма ніякай таемнасці сустрэч і іх ізаляванасці.

Чаму Мікола думае пра прысуд да канца месяца, я не магу дакладна сказаць. Ён сам гэтага не тлумачыць, ды такую інфармацыю і не прапусцілі б. Магчыма, хтосьці з супрацоўнікаў мог яму нешта сказаць. Я магу толькі здагадвацца, адкуль ён мае такую інфармацыю, будаваць нейкія гіпотэзы».

Паводле слоў Адамовіч, Статкевіч не мае цяпер крыніц інфармацыі, нават афіцыйных. Да яго не даходзяць газеты, у камеры адсутнічаюць радыё і тэлевізар. Аднак палітвязень усё адно робіць прагнозы на развіццё сітуацыі. У прыватнасці, Статкевіча моцна турбуе хваля палітычнай і працоўнай эміграцыі, якая пачалася пасля жніўня 2020 года.

Паводле слоў Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч не чакае лагоднага прысуду. Разам з Ігарам Аліневічам яго можна назваць «рэцыдывістам», таму вынесены прысуд, хутчэй за ўсё, будзе альбо максімальным з магчымага, альбо блізкім да яго.

15 кастрычніка агенцтва «БелаПАН» са спасылкай на ліст Сяргея Ціханоўскага паведаміла, што Ціханоўскі таксама настроены на максімальны тэрмін зняволення. Артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх абвінавачваюць палітвязня, прадугледжваюць да 15 гадоў пазбаўлення волі. На гэты момант найбольшы тэрмін з ліку ўдзельнікаў выбарчай кампаніі атрымаў Віктар Бабарыка – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Жонка Ігара Лосіка Дар’я ў размове са «Свабодай» не змагла пацвердзіць інфармацыю пра магчымае завяршэнне працэсу па справе мужа ў канцы кастрычніка. Паводле слоў Дар’і Лосік, яе перапіска з Ігарам зноў заблакаваная.

«Пацвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу, – сказала Дар’я Лосік. – У нас з Ігарам заблакавалі перапіску. Апошні ліст, які я ад яго атрымала, датаваны 23 верасня. Гэта быў адзіны ліст ад яго за чатыры тыдні».

"Радыё Свабода" / вх