Беларускі праграміст Сяргей, які перадаў інфармацыю пра масавыя катаванні ў расейскіх турмах у шырокі доступ, прыляцеў у Парыж, дзе папрасіў прытулку. Пра гэта паведаміў рэсурс кіраўнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін.
Акурат на гэтым праекце былі апублікаваныя запісы з катаваннямі. Паводле Асечкіна, Сяргей знаходзіўся ў Саратаўскай турме і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пенітэнцыярнай сістэмы.
Праваабарончы праект Gulagu.net раней паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаванняў і згвалтаванняў зняволеных у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.
5 кастрычніка, пасля публікацыі трох запісаў здзекаў з вязняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, Генеральная пракуратура Расеі пачала праверку, распачата крымінальная справа. Аўтары праваабарончага праекту паведамляюць, што плануюць паступова публікаваць атрыманую імі інфармацыю.
"Радыё Свабода" / вх