Беларуская Служба

Насельніцтва Беларусі другі раз за год прадало мільярд долараў банкам

17.10.2021 17:20
Ужо другі раз за гэты год беларусы прадаюць за месяц валюту на агульную суму больш за мільярд долараў.
Rubel białoruski
Rubel białoruski Shutterstock.com

У жніўні жыхары Беларусі прадалі $ 1,010 млрд, у верасні – $ 1,019 млрд. Гэта сведчыць пра тое, што людзі ўсё часцей нясуць у абменнік свае наяўныя валютныя зберажэнні, а не наадварот. Пры гэтым продаж насельніцтвам валюты ў безнаяўнай форме таксама ўзрастае. І гэта – важная тэндэнцыя другога паўгоддзя, адзначаюць эксперты праекта "Кошт урада".

Тым не менш, за студзень-верасень насельніцтва яшчэ застаецца чыстым пакупніком валюты (купляе яе ў сукупнасці з пачатку года больш, чым прадае). Але сітуацыя абяцае змяніцца, і ў кастрычніку трэнд можа павярнуцца ў другі бок – па выніках года беларусы стануць ужо чыстымі прадаўцамі валюты.

Людзі актыўна здымаюць валютныя ўклады ў банках і з трывогай глядзяць на высокую інфляцыю, якая закранае ў першую чаргу самую адчувальную частку рынка — прадукты і медыкаменты. Пры гэтым усё менш запасаюцца доларамі. Сітуацыя для апошніх гадоў нетыповая.

Для дзяржавы насельніцтва, якое з'яўляецца чыстым прадаўцом валюты, зручная дапамога. Гэта дазваляе Нацбанку атрымліваць долары і еўра ўнутры краіны і папаўняць ЗВР, прычым за досыць невысокі кошт. 

Можна меркаваць, што падзенне даверу да айчыннай банкаўскай сістэмы стымулявала частку беларусаў трымаць свае зберажэнні часцей у наяўных ці ўкласці іх у нерухомасць.

Але гэта не адмяняе сумнага факту: усё больш беларусаў цяпер ужо не «назапашваюць», а хутчэй «выжываюць».

вх