Беларуская Служба

Беларускае аб’яднанне рабочых прызначыла агульнанацыянальную забастоўку на 1 лістапада

25.10.2021 14:03
«Так больш працягвацца не можа. Пара рабочым узяць будучыню ў свае рукі». 
Сяргей Дылеўскі і Лех Валэнса fot.Bożena Maj

Старшыня Беларускага аб’яднання рабочых (БАР) Сяргей Дылеўскі абвесціў, што з 1 лістапада ў Беларусі распачнецца агульнанацыянальная забастоўка і заклікаў беларусаў не выходзіць на працу.

«Так больш працягвацца не можа. Пара рабочым узяць будучыню ў свае рукі. Мы не маем права цягнуць далей, пакуль нашыя сваякі, сябры і паплечнікі сядзяць у турмах, пакуль нашыя маці і сёстры, браты і бацькі гінуць у перапоўненых шпіталях ад каронавіруса.

Мы не можам проста глядзець як прыдуркаваты грамадзянін развальвае нашы прадпрыемствы і эканоміку краіны. Мы не можам дапусціць, каб нашу краіну прадалі, падпісаўшы інтэграцыйныя мапы!», – адзначае Сяргей Дылеўскі ў сваім відэазвароце.

«Мы, Беларускае абʼяднанне працоўных, абвяшчаем пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі з 1 лістапада 2021 гады! Мы спынім вытворчасці па ўсёй краіне, пакуль кожнае з дзесяці патрабаванняў не будзе выканана!» – кажа лідар Беларускага абʼяднання рабочых.

Сярод патрабаванняў Беларускага абʼяднання рабочых: спыненне рэпрэсіяў і вызваленне палітвязняў, пачатак перамоваў паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі, прывядзенне заробкаў і пенсіяў у адпаведнасць з эканамічнай сітуацыяй, рэалізацыя канстытуцыйнага права на свабоду слова і дзейнасць незалежных прафсаюзаў.

Дылеўскі заклікаў не выходзіць на працу з 1 лістапада і заставацца дома.

эж

Лех Валэнса: «Я хачу, каб у беларусаў усё атрымалася»

26.10.2020 18:05
Лех Валэнса на сустрэчы з Сяргеем Дылеўскім сказаў, што захапляецца адвагай беларусаў і жадае ім поспеху.