Беларуская Служба

Дзяржаўную раённую газету «Чырвоны прамень» падазраюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў

28.10.2021 11:30
У інтэрнэце створана петыцыя, 1 лістапада яе накіруюць у пракуратуру і Міністэрства інфармацыі.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

На інтэрнэт-платформе petition.by створана петыцыя з просьбай правесці праверку ў дачыненні афіцыйнай газеты Чашніцкага райвыканкама «Чырвоны прамень». Аўтары петыцыі лічаць, што ў газеце быў размешчаны фотаздымак з лагатыпам выдання, якое было прызнана экстрэмісцкім.

Гаворка ідзе пра нататку пра адкрыццё вакансіі на пасаду ваеннага кіраўніка ў сярэдняй школе. Матэрыял ілюструецца фотаздымкам з лагатыпам TUT.BY. У Беларусі ўжо норма, калі грамадзян караюць за рэпосты матэрыялаў, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі». Ці будзе пакарана дзяржаўная газета – вялікае пытанне.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск