Амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску паведаміла ў адмысловай заяве, што беларускія ўлады праінфармавалі Злучаныя Штаты аб прыняцці дадатковых мер, накіраваных на тое, каб перашкодзіць функцыянаванню Амбасады ЗША ў Мінску. Рэжым запатрабаваў прымусовага закрыцця Аддзела па сувязях з грамадскасцю, Агенцтва па міжнародным развіцці (USAID) ды Амерыканскага цэнтру ў Мінску. Беларускія ўлады прымушаюць Амбасаду спыніць супрацу з больш, чым дваццаццю беларускімі супрацоўнікамі.
Патрабаванні закрыць офісы Аддзела па сувязях з грамадскасцю Амбасады і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), уключаючы Амерыканскі цэнтр у Мінску, беларускія ўлады прад'явілі ЗША яшчэ 20 кастрычніка.
Злучаныя Штаты не будуць адмаўляцца ад сваіх абавязацельстваў, каб спрыяць развіццю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваць памкненне беларускага народа будаваць больш перспектыўную будучыню ў свабоднай і незалежнай Беларусі. Гэтыя апошнія меры не прымусяць нас адмовіцца ад дзеянняў, якія прыносяць карысць беларускаму народу і якія спрыяюць развіццю зносін паміж нашымі грамадзянамі. - гаворыцца ў заяве амерыканскай амбасады.
Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці дзейнічала ў Беларусі з 1990-х гадоў. Асноўнай яго задачай была дапамога беларусам, у тым ліку праз падтрымку прадпрымальніцтва, малых і прыватных прадпрыемстваў. Агенцтва дапамагала сем'ям у пацярпелых ад радыяцыі раёнах, сіротам. З 2020 года USAID актыўна ўключылася ў дапамогу ў пераадоленні эпідэміі COVID-19.
юл