У французскай і нямецкай мовах Беларусь раней называлі Biélorussie і Weißrussland адпаведна. Цяпер прэса ўсё часцей выкарыстоўвае карэктную назву Belarus.
На гэта звярнуў увагу гісторык Аляксандр Фрыдман, які вядзе тэлеграм-канал, прысвечаны агляду еўрапейскай прэсы. Ён заўважыў, што ў публікацыях усё часцей пачало ўжывацца слова Belarus замест імёнаў, якія былі замацаваныя ў еўрапейскіх мовах раней.
Так, напрыклад, у французскай на месца старому Biélorussie прыходзіць Bélarus. На дадзены момант у французскіх публікацыях выкарыстоўваюцца абедзве назвы.
Як адзначае амерыканскі праект „The French History Podcast“, Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, для якой у французскай мове ёсць як жаночае (la Biélorussie), так і мужчынскае (le Bélarus) імя.
Да жніўня 2020 года Беларусь у публікацыях на нямецкай мове, як правіла, называлі „Weißrussland“. Цяпер жа ўсё часцей выкарыстоўваецца карэктная назва „Belarus“, хоць асобныя выданні (сярод іх Neue Zürcher Zeitung і Handelsblatt) не адмовіліся ад звыклага ім „Weißrussland“.
«Часам блытаніна ў назвах прыводзіць да кур'ёзных сітуацый: так у адным з супермаркетаў сеткі REWE у Дзюсельдорфе прадаюцца грыбы лісічкі (4,99 еўра за ўпакоўку 400 грам) з таямнічай краіны пад назвай „Weisrossland“. Супрацоўнікі гэтай філіі відавочна не цікавяцца міжнароднай палітыкай, а іх узровень ведаў нямецкай мовы пакідае жадаць лепшага», - піша Аляксандр Фрыдман.
Таксама аналітык заўважыў, што дзякуючы Беларусі нямецкая мова папоўнілася новым назоўнікам "Cyberguerillakrieg" (кібер-партызанская вайна). Аўтарства слова належыць журналісту берлінскай газеты Tagesspiegel Себасцьяну Крысту (Sebastian Christ), які апублікаваў артыкул «Беларусь. Нараджэнне кібер-партызанскай вайны)».
thinktanks.by/нг