Беларуская Служба

Анджэй Пачобут можа застацца без адваката

02.11.2021 12:08
Кваліфікацыя Аляксандра Бірылава (адвакат журналіста Пачобута) прызнана «не поўнасцю адпаведнай патрабаванням заканадаўства».
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0


Кваліфікацыя адваката Аляксандра Бірылава, які абараняе палітвязня журналіста Анджэя Пачобута, «не цалкам адпавядае патрабаванням заканадаўства». Такое рашэнне вынесла 1 лістапада кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі, паведамляе Міністэрства юстыцыі, а за ім naviny.by.

Як зазначае ведамства, асноўнымі задачамі атэстацыі адвакатаў з'яўляюцца ацэнка ведаў заканадаўства; выкананне заканадаўства аб адвакатуры; ацэнка дзелавых і асобасных якасцяў; вызначэнне магчымасці выканання сваіх прафесійных абавязкаў у выпадку выяўлення фактаў, якія сведчаць аб яго недастатковай кваліфікацыі.

Акрамя Бірылава, кваліфікацыя адваката Андрэя Невядоўскага таксама прызнана «не поўнасцю адпаведнай патрабаванням заканадаўства».

Ім далі паўгода, каб выканаць рэкамендацыі камісіі, пасля чаго будзе праведзена новая атэстацыя.

Таксама кваліфікацыйная камісія вынесла рашэнне аб немагчымасці выканання адвакатамі Ірынай Варанковай і Ігарам Петрашэвічам сваіх прафесійных абавязкаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

«Падчас атэстацыі асобныя адвакаты паказалі недастатковы ўзровень ведаў заканадаўства, неабходны для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, што сведчыць аб іх недастатковай кваліфікацыі», – заяўляе Мінюст.

Цягам апошняга месяца ліцэнзіі пазбавілі некалькіх адвакатаў, якія абараняюць палітвязняў. У тым ліку дысцыплінарныя камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў вынеслі рашэнні аб выключэнні абаронцаў экс-банкіра Віктара Бабарыкі Наталлі Мацкевіч і Яўгена Пыльчанкі.

ав