Беларуская Служба

Пракурор запрасіў блогеру, актывісту Міколу Дзядку 5 гадоў калоніі

03.11.2021 13:25
У Мінскім гарадскім судзе пасля перапынку аднавіўся працэс над актывістам анархісцкага руху і аўтарам «Новага Часу» Мікалаем Дзядком.
 .
Мікола Дзядок. Архіўнае фота Фота: "Новы Час"

Амаль чатыры месяцы заняла прызначаная суддзёй псіхолага-лігвістычная экспертыза пастоў Міколы ў Тэлеграме.

Пракурор запрасіў для Міколы Дзядка 2 гады пазбаўлення волі за ўдзел у масавых беспарадках, за захоўванне гаручых рэчываў 2 гады і за распаўсюджванне матэрыялаў у інтэрнэце 4 гады 6 месяцаў. Агулам просіць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама спагнаць шкоду за перакрыццё дарог і судовыя выдаткі.

Мікола Дзядок выступіў з апошнім словам у судзе:

«Усе ўдзельнікі працэсу з юрыдычнай адукацыяй выдатна бачаць і разумеюць, што адбываецца. Я толькі хачу падзякаваць сваіх родных, сяброў, таварышаў-анархістаў, журналістаў, праваабаронцаў, усіх неабыякавых, усіх, хто шануе маю працу, за тое, што падтрымлівалі мяне на працягу гэтага года і дапамагалі матэрыяльна. Гэта вельмі важная для мяне.

Ну а ўсім, хто мае дачыненне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: не пітайце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не здольныя спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»

***

Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні Міколу моцна збілі, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліка МУС.

Пасля затрымання адвезлі ў Мінск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі — збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. Ад Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага.

1 ліпеня 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс па справе Міколы. Актывісту прад’яўлены абвінавачанні па:

  • арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 Крымінальнага кодэксу – Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 295 Крымінальнага кодэксу – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Паводле "Новага Часу" / вх