Беларуская Служба

Колькасць авіярэйсаў з Блізкага Усходу ў Мінск падвоілася

07.11.2021 14:16
Цяпер у Беларусь штодзень прыбываюць каля 800-1000 мігрантаў, сведчаць дадзеныя нямецкіх спецслужбаў.
Самалёт "Белавія"Foto: Фота з адкрытых крыніц

Да сакавіка аэрапорт беларускай сталіцы рыхтуецца штотыдзень прымаць каля 40 рэйса са Стамбула, Дамаска і Дубая, піша нямецкі штотыднёвік Welt am Sonntag. Гэта ўдвая больш, чым пазамінулай зімой.

Паветраныя гавані гэтых гарадоў зараз часцей за ўсё выкарыстоўваюць мігранты для прамых пералётаў у Беларусь, каб адправіцца далей у краіны ЕС. Такім чынам, колькасць рэйсаў з рэгіёну ў Мінск вырасла больш як удвая ў параўнанні з зімой 2019-2020 гадоў, зазначае газета. Тады ў Мінску ў тыдзень прызямляліся каля 17 самалётаў з гэтых і іншых аэрапортаў на Блізкім Усходзе.

Цяпер у Беларусь штодзень прыбываюць каля 800-1000 мігрантаў, сведчаць дадзеныя нямецкіх спецслужбаў, якія прыводзіць Welt am Sonntag. У сувязі з гэтым, паводле інфармацыі выдання, неўзабаве могуць быць задзейнічаны для абслугоўвання рэйсаў з краін Блізкага Усходу яшчэ пяць беларускіх аэрапортаў. Яны ператворацца з нацыянальных у міжнародныя. Адзін з іх, як адзначаецца, размешчаны ў горадзе Гродна, усяго за 20 кіламетраў ад польскай мяжы.

Нямеччына і іншыя краіны Еўрапейскага саюза абвінавачваюць рэжым беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён наўмысна правакуе міграцыйны крызіс, арганізаваўшы перапраўку тысяч нелегальных мігрантаў да межаў ЕС у адплату за санкцыі, якія Еўропа ўвяла супраць ягонага рэжыму.

У маі Лукашэнка заявіў, што Мінск больш не будзе ўтрымліваць бежанцаў ад далейшага накіравання ў краіны ЕС. Пасля гэтага рэзка ўзмацніўся паток нелегальных мігрантаў, перш за ўсё ў Літву, а затым і ў Польшчу.

У выніку канфлікту на мяжы Польшчы і Беларусі ўжо загінулі не менш за 10 мігрантаў, паводле інфармацыі з адкрытых крыніц.

"Сітуацыя на ўсходняй мяжы з'яўляецца беспрэцэдэнтнай і вынікам цалкам беспрынцыпнога, агрэсіўнага рэжыму, — сказала Welt am Sonntag еўракамісар па ўнутраных справах ЕС Ільва Юхансан. — Лукашэнка ў роспачы, ЕС ідзе супраць яго рэжыму і разглядае далейшыя санкцыі".

З пачатку лістапада на тэрыторыю Германіі з Беларусі незаконна прыбылі 572 чалавекі, паведамілі ў федэральнай паліцыі ў пятніцу, 5 лістапада. Па афіцыйных дадзеных, за ўвесь 2021 год было зафіксавана 8407 выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы. Самай напружанай сітуацыя застаецца на мяжы Нямеччыны з Польшчай.

Паводле dw.com / вх