Беларуская Служба

Яшчэ аднаго мінчука асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсце 9 жніўня

08.11.2021 12:28
Вінаградаў прызнаў сваю віну цалкам, у зробленым раскаяўся, у судзе абараняў сябе сам. 
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

У судзе Цэнтральнага раёна 5 лістапада вынеслі прысуд Вадзіму Вінаградаву, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за падзеі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году.

Паводле абвінавачвання, Вадзім Вінаградаў з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту прыняў сумесна з групай асобаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў перыяд з 16.00 гадзін 9 жніўня да 01.00 гадзін 10 жніўня 2020 года на скрыжаванні пр. Пераможцаў і пр. Машэрава ў Мінску: гучна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі рукамі, станавіўся ў счэпку, неаднаразова адмовіўся выканаць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху грамадскага транспарту і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Вінаградаў прызнаў сваю віну цалкам, у зробленым раскаяўся, у судзе абараняў сябе сам. Да таго, як даведаўся аб распачынанні крымінальнай справы, прыйшоў з яўкай з павіннай у ГУБАЗ, бо даведаўся пра затрыманне сябра, з якім былі разам на фота.
У спрэчках бакоў пракурор адзначыў, што змякчальнай акалічнасцю з'яўляецца яўка з павіннай і наяўнасць малалетняга дзіцяці, прасіў суд прызначыў Вінаградаву тры гады «хатняй хіміі». Абвінавачаны сказаў, што яго пасыл быў мірны, ён проста хацеў выказаць меркаванне і ні ў якім разе не хацеў прычыніць нейкую шкоду.

У выніку суд прызнаў Вадзіма Вінаградава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады.

ав/Вясна