8 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Брэста агучылі прысуд пятай частцы абвінавачаных па справе аб «масавых беспарадках» у горадзе падчас падзей 9-10 жніўня мінулага года. Пра гэта піша «Брэсцкая Вясна».
Суддзя Аляксандр Семянчук пастанавіў прызнаць усіх 19 палітзняволеных, што праходзілі па справе, вінаватымі. Абвінавачаных прысудзілі да турэмных зняволенняў – ад 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму да 3 гадоў і шасці месяцаў агульнага рэжыму, а таксама да штрафаў.
20 кастрычніка на судовым працэсе хлопцы выступалі з апошнім словам. Хтосьці быў кароткі, дзякаваў сям'і і адвакатаў, неабыякавых грамадзян за падтрымку. Хтосьці падрыхтаваў кранальную прамову, а хтосьці і зусім адмовіўся выказвацца.
Яўген Пекач (24 гады) адказаў на пытанне, за што іх судзяць. «Судзяць нас не за камяні, якія мы кідалі, спрабуючы абараніцца. Судзяць нас за тое, што гэтая ўлада баіцца, калі народ становіцца адным цэлым. Я лічу, што судзіць павінны не нас, а людзей, якія збівалі мірны народ Беларусі. (...) Жыве Беларусь і будзе жыць вольнай».
ав/Вясна