Экс-кіраўніца грамадскага аб'яднання «Радзіслава» Вольга Гарбунова затрыманая за кіраўніцтва «жаночымі маршамі».
«Жанчына працуе менеджарам у грамадскім абʼяднанні для асоб, пацярпелых ад хатняга гвалту. У жніўні і верасні мінулага года яна кіравала так званымі жаночымі маршамі ў сталіцы. Пры гэтым сама выходзіла на праезную частку, перакрываючы дарожны трафік», – растлумачылі ў МУС.
Гарбунова прызнаная падазраванай па крымінальнай справе, распачатай па арт. 342 КК за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Жанчына правяраецца на дачыненне да «іншых злачынстваў пратэставай скіраванасці, у тым ліку з выкарыстаннем службовага становішча», дадалі ў Міністэрстве.
Гарбунова – экспертка па пытаннях хатняга гвалту. Яна была адной з гераінь міжнароднага дакументальнага фільму «WOMAN», дзе сабраныя апавяданні дзвюх тысяч жанчын з 50 краін свету.
Еўрарадыё/нг