Беларуская Служба

Кадры з беларуска-польскай мяжы шакавалі старшыню Еўрапейскай рады

10.11.2021 19:31
Шарль Мішэль назваў дзеянні рэжыму Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы «брутальнай, агрэсіўнай і подлай гібрыднай атакай».
   -
Лагер мігрантаў на беларуска-польскай мяжыфота: PAP/EPA/LEONID SCHEGLOV/BELTA HANDOUT

Кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы з'яўляюцца «брутальнай, агрэсіўнай і подлай гібрыднай атакай».

Мішэль сустрэўся ў Варшаве з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. Палітыкі размаўлялі пра гібрыдную атаку беларускіх уладаў. Рэжым Лукашэнкі дастаўляе ў Беларусь мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу дзеля таго, каб шантажаваць імі ЕС. На думку польскага ўраду, гэта помста за санкцыі і падтрымку беларускай апазіцыі.

На дадзены момант на польскай мяжы знаходзіцца некалькі тысяч мігрантаў, яны спрабуюць незаконна прайсці праз мяжу. Па словах Шарля Мішэля, Еўрасаюз павінен захоўваць адзінства і салідарнасць:

- Як кожны з вас, я быў шакаваны той карцінай, якую ўбачыў. Яна паказвае, як аўтарытарны рэжым, абсалютна цынічна і подла, без пашаны чалавечай годнасці, адносіцца да сем’яў, жанчын, дзяцей. Гэта неэтычна, трэба выступіць рашуча супраць такіх дзеянняў.

Шарль Мішэль і Матэвуш Маравецкі размаўлялі ў Варшаве пра ўзмацненне ціску на ўлады ў Мінску, у тым ліку аб увядзенні далейшых санкцый. Кіраўнік Рады паведаміў, што прадстаўнік камісіі звяжацца па гэтым пытанні з уладамі краін, з якіх мігранты трапляюць у Беларусь. Шарль Мішэль таксама распавёў пра фінансаванне ЕС будаўніцтва фізічнай агароджы на польска-беларускай і літоўска-беларускай мяжы.

ІАР ПР/нг