Беларуская Служба

Нягледзячы на складаныя ўмовы палякі ў Беларусі плануюць святкаваць Дзень Незалежнасці

11.11.2021 08:03
Беларускім палякам усё больш складана адкрыта працягваць свае патрыятычныя традыцыі.
Сцяг Польшчыtomekwalecki/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі, якія жывуць у Беларусі, кажуць, што сёлетнія святкаванні Дня Незалежнасці стануць для іх аднымі з самых складаных у гісторыі краіны. Яны звяртаюць увагу на тое, што Польшчу ў беларускіх дзяржаўных СМІ зараз часта прадстаўляюць, як варожую краіну. У сваю чаргу беларускім палякам усё больш складана адкрыта працягваць свае патрыятычныя традыцыі.

Віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі запэўнівае, што нягледзячы на перашкоды, святкаванне Дня Незалежнасці ў Беларусі адбудзецца:

- Кожны Дзень Незалежнасці ў нашай арганізацыі заўсёды пачынаўся са святой імшы і супольнай малітвы за Радзіму. Сёлета будзе тое ж самае. Людзі будуць збірацца ў асноўным у касцёлах, каб разам маліцца за Польшчу.

Лідарка польскай меншасці з горада Ліда Ірэна Бярнацкая таксама пацвярджае, што людзі не збіраюцца адмаўляцца ад святкавання Дня Незалежнасці:

- Мы будзем адзначаць гэтае свята. Будзе святая імша, будзем спяваць гімн Польшчы, патрыятычныя песні і будзем глядзець патрыятычныя фільмы пра незалежнасць, каб дзеці даведаліся пра сваю гісторыю.

Польскія актывісты нагадваюць, што лідары Саюзу палякаў у Беларусі – Анжэліка Борыс і Анджэй Пачобут – знаходзяцца пад вартай больш за 7 месяцаў. Многія польскія дзеячы былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі ў Польшчу.

IAR/аз