Беларуская Служба

Са жніўня мігранты больш за 33 тыс. разоў спрабавалі перайсці мяжу ў Польшчу

12.11.2021 19:11
У краінах ЕС, а таксама ў ЗША і Вялікабрытаніі лічаць, што крызіс створаны рэжымам Лукашэнкі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnetwitter.com/terytorialsi

Са жніўня, з пачатку міграцыйнага крызісу, на польска-беларускай мяжы польскія памежнікі зафіксавалі ўжо 33 тыс. 200 спробаў нелегальнага пранікнення ў краіну, расказалі ў польскай Памежнай службе.

Пры гэтым за ўвесь мінулы год такіх спробаў было толькі 88, паведамляе «Еўрарадыё».

Тым не менш, учора зноў былі зафіксаваныя сотні спробаў мігрантаў прарвацца ў Польшчу. Польская памежная служба паведамляе, што 11 лістапада былі заўважаныя 223 спробы парушыць мяжу. У дачыненні да 26 чалавек была вынесеная пастанова з патрабаваннем пакінуць тэрыторыю краіны. Затрыманыя тры чалавекі – двое грамадзян Ірака і грамадзянін Сірыі.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы знаходзіцца некалькі тысяч мігрантаў, якія хочуць праз Польшчу трапіць у Германію. Крызіс абвастрыўся ў пачатку гэтага тыдня. Польскаму боку давялося павялічыць сілавую прысутнасць на мяжы, суседняя Літва ўвяла ў прыгранічных раёнах надзвычайнае становішча.

У краінах ЕС, а таксама ў ЗША і Вялікабрытаніі лічаць, што крызіс створаны рэжымам Лукашэнкі і што дыктатар выкарыстоўвае мігрантаў для навязвання сваіх палітычных інтарэсаў ва ўзаемаадносінах з краінамі ЕС.

вс