Нядаўна з ім сустрэўся былы ягоны прыхільнік Юры Васкрасенскі, які перайшоў на бок Лукашэнкі. Ён расказаў «Нашай Ніве», што Бабарыку павысілі месячны заробак з 1 рубля 60 капеек да 50 рублёў.
«Свабода» нагадвае, што цяпер Васкрасенскі займаецца пасярэдніцтвам у справе «амністыі» палітвязняў узамен на пісьмовыя пакаянні. Пакуль камісія ўхваліла памілаванне толькі 13 чалавек. У калоніі ён угаворваў Бабарыку папрасіць памілавання і пачаць кампенсаваць шкоду (а гэта больш за 46 мільёнаў рублёў).
Падчас выбарчай кампаніі 2020 году Юры Васкрасенскі збіраў подпісы за Віктара Бабарыку. 12 жніўня яго затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражала да 8 гадоў зняволення. 11 кастрычніка Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. 12 кастрычніка яго вызвалілі.
Тым часам у калоніі з Віктарам Бабарыкам іншым зняволеным не дазваляюць нават размаўляць: тых, хто падышоў павітацца, адразу адправілі ў ШЫЗА, паведаміў у лісце сваякам палітвязень Максім Тужык.
Сёлета ў ліпені былога старшыню Белгазпрамбанку і прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за хабар і адмыванне грошай.
яс