Беларуская Служба

У Беларусі больш за чатыры тысячы дзяцей палітвязняў

21.11.2021 18:27
Гэта дзеці, якія бачылі вобшукі, бачылі як маму ці тату жорстка затрымліваюць.
Пікет беларусаў Варшавы пад пасольствам РБ radyjo.net/Я.Смялоўская

У Беларусі больш за чатыры тысячы дзяцей палітвязняў, або бацькоў, якія знаходзяцца пад следствам па палітычных артыкулах. Аб гэтым на пікеце пад пасольствам Беларусі ў Варшаве казала Анна Канавалава, дачка і зяць якой палітвязні, і якая з унукамі была вымушана збягаць у Польшчу:

- Гэта дзеці, якія бачылі вобшукі, бачылі як маму ці тату жорстка затрымліваюць, а потым забіраюць невядома куды. Ёсць дзеткі, якія нарадзіліся ўжо без тата і якія зрабілі свае першыя крокі таксама без таты. Яны пакутуюць. Ім таксама дрэнна. Я хачу сказаць, што пра гэта трэба не проста гаварыць, а крычаць.

Анна Канавалава адзначыла, што міграцыйны крызіс на мяжы Еўрапейскага Саюза прычыніўся да таго, што палітычнае пытанне аб Беларусі адыходзіць на другі план.

яс