Беларуская Служба

Сёння ў Вене пройдзе відэаканферэнцыя па Беларусі

22.11.2021 09:11
Аўстрыя арганізуе канферэнцыю «На шляху да шчаснай і бяспечнай будучыні Беларусі».
Венаjarmoluk/pixabay.com/CC0

У канферэнцыі плануюць узяць удзел міністры замежных спраў Нямеччыны, Фінляндыі, Латвіі, Эстоніі, Славеніі і Славаччыны.

Афіцыйны Мінск адмовіўся ад удзелу. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў канферэнцыю аб Беларусі «бясплоднай і бессэнсоўнай задумай».

Напярэдадні канферэнцыі Святлана Ціханоўская заклікала ўрад Аўстрыі і аўстрыйскія кампаніі, якія знаходзяцца ў Беларусі, зрабіць больш, каб дапамагчы тым, хто змагаецца ў краіне за свабоду і дэмакратыю.

Яна дала інтэрв'ю аўстрыйскім газетам Kleine Zeitung і Die Presse напярэдадні відэаканферэнцыі, якую Аўстрыя арганізавала ў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў арганізацыі канферэнцыі.

Аўстрыйскія кампаніі зʼяўляюцца аднымі з найважнейшых прадпрыемстваў Еўрапейскага Саюза ў Беларусі. Прыёрбанк, які належыць Raiffeisen Bank International, зʼяўляецца чацвёртым паводле велічыні банкам у краіне па абʼёме крэдытаў, а тэлефонны аператар A1 Telekom Austria займае каля 42% рынку мабільнай сувязі.

У нядзелю каманда Ціханоўскай прыбыла ў Вену для ўдзелу ў канферэнцыі. Святлана Ціханоўская выступіць на панэлі высокага ўзроўню разам з канцлерам Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам і міністрамі шэрагу краін ЕС, а затым з імі выйдзе да прэсы.

Ціханоўская будзе казаць аб недапушчальнасці дыялогу з рэжымам, пакуль усе зняволеныя па палітычных матывах не выйшлі на волю.

яс