Беларуская Служба

Інжынера, які казаў пра любоў да чырвонага з белым, не выпусцілі з ІЧУ

26.11.2021 14:57
Паводле якіх артыкулаў судзілі 65-гадовага Анатоля Шаўковіча, на гэты момант невядома.
  -
Ілюстрацыйны здымак - бчб сцягфота: БСПР/нг

Затрыманага 11 лістапада Анатоля Шаўковіча, выказванне якога ў «пакаяльным» відэа МУС пра любоў да белага і чырвонага колераў (у прыватнасці, да чырвоных памідораў з белай смятанай) стала новым мемам, асудзілі на чарговыя 15 сутак.

Навіну аб працягу арышту Анатоля Шаўковіча апублікаваў у Facebook Аляксандр Знак, бацька палітзняволенага юрыста Максіма Знака.

«Майго сябра Анатоля арыштавалі ў дзень народзінаў, калі яму споўнілася 65 гадоў. Сёння дадалі яшчэ 15 сутак... Твар у яго чырвоны, а валасы сівыя, то бок белыя. І ён чакае вашых лістоў на Акрэсціна».

Паводле якіх артыкулаў судзілі інжынера, на гэты момант дакладна невядома.

паводле Свабода/нг

 

Пасля першага затрымання мужчыны прэс-служба МУС паведамляла, што ён нібыта «арганізаваў у падвале дома вытворчасць пратэставай сімволікі; вырабленыя сцягі мужчына закідваў на дрэвы».