Увесь тыдзень беларускі рубель таннеў адносна амерыканскай грашовай адзінкі. 26 лістапада па выніках таргоў на Беларускай фондавай біржы курс долара дасягнуў адзнакі ў 2 рублі 56 капеек.
Гэта амаль на тры працэнты болей, чым было 19 лістапада – на апошніх таргах тыдзень таму. Курс еўра таксама заўважна ўмацаваўся за гэты час. А вось расійскі рубель патаннеў.
Эксперты кажуць, што беларуская грашовая адзінка таннее за кампанію з расійскай. Бо ў Расіі за тыдзень курс амерыканскай валюты падрос амаль на чатыры працэнты да 75 расійскіх рублёў 60 капеек за адзін долар.
Прычынаў зніжэння курсу расійскай валюты, а за ёй і беларускай, некалькі. Першая – гэта ўзмацненне напружанасці на расійска-ўкраінскай мяжы. Яшчэ адна прычына, якая магла напалохаць інвестараў, – паведамленне аб новым і вельмі агрэсіўным штаме каранавіруса з Паўднёвай Афрыкі.
Аналітыкі кажуць, што гэтыя прычыны будуць уплываць на расійскі і беларускі рублі як мінімум увесь наступны тыдзень. Так што трэба чакаць яшчэ большага зніжэння курсу беларускага рубля адносна долара і еўра.
Цікава на гэтым фоне прагучаў прагноз Еўразійскага банку развіцця, што курс беларускага рубля ў наступным годзе будзе на ўзроўні 2 рублі 65 капеек за адзін долар.
Казімір Шчадковіч, Мінск