Пацвердзіў гэта прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL», Аляксандр Азараў, які раней узначальваў аддзел у ГУБАЗіК – Галоўным упраўленні барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС РБ.
«Мігранты цяпер спакойна ў Менску ў цэнтры гораду гандлююць наркотыкамі. Нам трапляюць паведамленні ад грамадзянаў, якія бачаць, як у цэнтры гораду наркотыкі прадаюць. І беларуская міліцыя на гэта не рэагуе. Як вы чулі ў нашым расследаванні, міністр сказаў мігрантаў не чапаць. Адпаведна, яны робяць, што хочуць, здзяйсняюць любыя злачынствы», – распавёў «Белсату» Азараў.
У справаздачы, на якую спасылаецца ўплывовы еўрапейскі часопіс «EUobserver» Беларусь называецца ў артыкуле пра буйны міжнародны наркатрафік.
«Турцыя і Заходнія Балканы названыя перавальнымі пунктамі для кантрабанды мігрантаў, у супрацы з бандамі ў Беларусі, Грузіі, Расіі ды Украіне… Турцыя застаецца ключавою краінаю транзіту гераіну ў Еўразвяз, як па балканскім, так і паўднёва-каўказскім маршруце. Украіна, Беларусь і Азербайджан выкарыстоўваюцца як склады гераіну, кіраванага ў Еўрасаюз», – напісана ў артыкуле.
У Беларусі продаж і ўжыванне наркотыкаў падлягае крымінальнаму пераследу. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу азначае вялікія турэмныя тэрміны нават для дробных спажыўцоў наркотыкаў – па 8–10 гадоў за малыя аб‘ёмы наркатычных рэчываў.
яс