Беларуская Служба

Да трох гадоў «хіміі» асудзілі палітвязня за ўдзел у акцыі пратэсту ў дзень выбараў

30.11.2021 14:33
Дзяніса затрымалі роўна праз год пасля выбарчай акцыі пратэсту, у якой ён прыняў удзел, і змясцілі пад варту.
       .
Палітвязень Дзяніс Ляхар у першыя хвіліны на волі. Фота: spring96.org

У судзе Савецкага раёна 30 лістапада вынесены прысуд палітзняволенаму 30-гадоваму мінчуку Дзянісу Ляхару, якога абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Дзяніса затрымалі роўна праз год пасля выбарчай акцыі пратэсту, у якой ён прыняў удзел, і змясцілі пад варту.

Сёння палітвязень быў вызвалены ў залі суда. Суддзя Марына Фёдарава асудзіла яго да трох гадоў «хіміі». Дзяржабвінавачванне па справе падтрымліваў памочнік пракурора Малейка.

Згодна версіі абвінавачвання, Дзяніс Ляхар 9 жніўня 2020 году «прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, выказваў яўнае непадпарадкаванне законным прадстаўнікам уладу, перашкаджаў руху грамадскага транспарту, выкрыкваў лозунгі і станавіўся разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі ў счэпку».

Дзяніс прызнаў віну цалкам.

Падчас судовага пасяджэння 29 лістапада Дзяніс Ляхар патлумачыў, што вечарам 9 жніўня 2020 года, разам з сябрам Андрушкевічам з-за цікаўнасці апынуліся ў горадзе, прайсціся па праспекце.

У раёне Стэлы да іх падышоў незнаёмы чалавек, у якога былі бэйдж і прафесійная камера і папрасіў стаць у счэпку на некалькі хвілін, каб зрабіць фотаздымкі. Калі такім чынам невядомы «папрацаваў», сябры разышліся і болей у акцыях пратэсту не ўдзельнічалі.

Прадстаўнік «Мінсктранса» вылучыў матэрыяльную прэтэнзію за прастой грамадскага транспарту ў гэты вечар, якую прадпрыемства ацаніла ў 3 621 рубель 21 капейку.
Дзяржабвінавачанне запрасіла для Ляхара прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Такое пакаранне і прызначыла суддзя Марына Фёдарава. Матэрыяльны пазоў «Мінсктранса» пастанавілі вярнуць на разгляд для ўдакладнення сумы разліку.

ав/Вясна