Падыходзіць да заканчэння судовы працэс па справе маці пяцярых дзяцей Вольгі Залатар. Палітзняволеную абвінавачваюць у арганізацыі, удзеле ў акцыях пратэсту, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Следства не знайшло і не дапытала ніводнага чалавека, які нібыта ўваходзіў у тое «фармаванне». Пракурор запатрабавала пакаранне – пяць год калоніі. Вось што Вольга сказала ў апошнім слове, якое перадае Наша Ніва.
«Я тут, бо я неабыякавы чалавек, – заявіла Вольга Залатар. – Я тут, бо жыву па божым запавеце.
Я тут, бо я – мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.
Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходнае пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.
Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог! Жыве вечна».
Прысуд па справе Вольгі будзе абвешчаны ў пятніцу.
ав