Следчы камітэт прад’явіў канчатковае абвінавачанне, піша руская служба ВВС, спасылаючыся на дзве крыніцы. Асноўны артыкул, па якім абвінавачваюць Соф’ю Сапегу, – частка 3 артыкулу 130 КК Беларусі (распальванне варажнечы).
Ёй пагражае 6 гадоў турмы – гэта мінімальны тэрмін па гэтым артыкуле з улікам заключанага Сапегай дасудовага пагаднення са следствам.
Паводле інфармацыі крыніц, Сапега знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане, ня спіць па начах.
Толькі пасля прысуду Сапегу змогуць экстрадаваць у Расію. Яе таксама зможа памілаваць Лукашэнка, сказаў адвакат Антон Гашынскі, які будзе займацца гэтымі працэдурамі ў справе Сапегі. Раней Гашынскі з'ехаў з Беларусі ў Расію пасля таго, як яго выключылі з калегіі адвакатаў, і пачаў займацца адвакацкай практыкай у суседняй краіне.
Сапезе ставіцца ў віну адміністраванне тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя дадзеныя сілавікоў.
Са словаў крыніц ВВС, 3 снежня Сапегу выклікалі ў СК на следчыя дзеянні. Да гэтага з 20 кастрычніка яна знаходзілася пад хатнім арыштам у Лідзе, у кватэры бацькоў, дзе яна прапісана. Пры гэтым бацькі вымушана перасяліліся на лецішча. Сувязі з дачкой у іх з сярэдзіны кастрычніка не было.
Сапегу затрымалі 23 траўня разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у мінскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. У чэрвені стала вядома, што Сапегу і Пратасевіча перавялі з СІЗА ў Мінску пад хатні арышт у дом, дзе яны жылі разам. Пры гэтым Сапега як мінімум двойчы сустракалася з бацькамі, апошні раз сустрэча праходзіла ў жніўні.
Дзе знаходзіцца Раман Пратасевіч, невядома.
Праваабаронцы прызналі Соф’ю Сапегу палітзняволенай.
"Радыё Свабода" / вх