Беларуская Служба

Беларусь уручыла ўкраінскаму вайсковаму аташэ ноту пратэсту ў сувязі з «частымі парушэннямі мяжы»

05.12.2021 13:34
4 снежня беларускі бок заявіў, што ўкраінскі верталёт нібы парушыў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь.
Сцяг Украіныjorono/pixabay.com/CC0

5 снежня ў Дэпартамент міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі выклікалі вайсковага аташэ пры Пасольстве Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. Яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з частымі парушэннямі ўкраінскім бокам мяжы ў паветранай прасторы, паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.

Падставай паслужыла парушэнне 4 снежня 2021 году мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы ўкраінскім верталётам тыпу Мі-8 у раёне Новай Рудні. Вайсковаму аташэ заявілі, што «ўкраінскі бок пазбягае дыялогу для вырашэння спрэчных пытанняў як па лініі міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, так і кантролю над узбраеннямі, што вельмі трывожна».

Ва Украіне абвяргаюць парушэнне паветранай прасторы Беларусі ўкраінскім вайсковым верталётам. У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны яшчэ ўчора зняпраўдзілі інфармацыю аб парушэнні паветранай прасторы Беларусі ўкраінскім верталётам.

ав/Свабода