У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя «хросныя» з’явіліся ў палітвязняў Людмілы Чэкінай, Ірыны Слаўнікавай, Віктара Фянчука, Юрыя Кузьміча, Ягора Марціновіча, Аляксандра Дайнэкі, Аляксея Губіча, Ірыны Леўшынай і Дзмітрыя Заломскага.
Томас Хакер – дэпутат Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі і сябра Камітэта па справах Еўрапейскага саюза. Стаўшы «хросным» Ірыны Слаўнікавай, ён заявіў:
«Гэта бітва, у якой амаль немагчыма выйграць – і менавіта таму мужныя беларусы ўрэшце перамогуць. Бо свабода і дэмакратыя заўсёды мацнейшыя за дыктатуру! Рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ спрабуе замацаваць сваю ўладу. Амаль 900 палітвязняў зараз чакаюць паказальных судоў або ўжо былі асуджаныя. Сярод іх шмат блогераў, журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія проста паведамлялі пра заняпад сістэмы, адна з іх – Ірына Слаўнікава. Яе мужнае выступленне за свабоду – гэта больш, чым натхненне, гэта заклік да нашай поўнай салідарнасці. Мы стаім разам з такімі мужнымі беларусамі, як Ірына Слаўнікава».
ав/Вясна