Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Паўла Латушкі па артыкуле аб перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч.3 арт. 426 КК РБ). Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
Паводле Генпракуратуры, Міністр Латушка ў 2012 годзе з карыслівай і асабістай зацікаўленасці, дакладна ведаючы аб адсутнасці падстаў для фінансавання за кошт бюджэту даў указанне падпарадкаваным супрацоўнікам аб уключэнні іх у тэматычны план вытворчасці фільмаў на 2012-2013 гады. На гэтай падставе Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь заключыў з кінавытворцамі дагаворы і незаконна прафінансаваў вытворчасць названых фільмаў, сцвердзілі ў Генпракуратуры.
Там адзначылі, што названыя дзеянні «пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення ўрону дзяржаве ў асабліва буйным памеры».
Дзеянні Латушкі кваліфікаваны як перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Расследаванне справы вядзе цэнтральны апарат Следчага камітэта.
Павел Латушка ўзначальваў Міністэрства культуры з 2009 па 2012 год.
Гэта чарговая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.
Ужо заведзены справы:
па ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса – па факце стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім;
па ч.1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
па ч.3 арт. 361 Крымінальнага Кодэкса – заклікі да звяржэння або змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь або да ўчынення злачынстваў супраць дзяржавы;
па ч.1 арт. 14 і ч.3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса – у замаху на акт тэрарызму;
па арт. 382 Крымінальнага кодэкса – самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы.
ав/zerkalo.io