Беларуская Служба

У Беларусі ўжо 929 палітвязняў

15.12.2021 11:25
 Гэта – Віталь Бойка, Сяргей Дубік, Аліна Забаштанская, Аляксандр Касьянчук, Аляксей Лой, Яўген Пак, Аляксандр Пачкоўскі, Аляксандр Сяліцкі, Андрэй Тарановіч, Руслан Шыла.
ІлюстрацыяКрыніца: spring96.org

У Беларусі ўжо 929 палітвязняў. Праваабаронцы дадалі ў спіс яшчэ 10 прозвішчаў. Гэта – Віталь Бойка, Сяргей Дубік, Аліна Забаштанская, Аляксандр Касьянчук, Аляксей Лой, Яўген Пак, Аляксандр Пачкоўскі, Аляксандр Сяліцкі, Андрэй Тарановіч, Руслан Шыла, паведамляе ПЦ «Вясна». Праваабарончая супольнасць лічыць іх справы палітычна матываванымі і патрабуе вызвалення.

Тарановіч асуджаны судом Ганцавіцкага раёна за «здзек над дзяржаўным сімвалам» (парваў сцяг) на 1 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. За тое самае і на такі ж тэрмін асуджаны судом Івацэвіцкага раёна Шыла. Дубік узяты пад варту па абвінавачванні ў «абразе прадстаўніка ўлады» і за «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку. Забаштанская ўзята пад варту за каментары ў сацсетках пра перастрэлку, у якой загінулі айцішнік і супрацоўнік КДБ. Бойка асуджаны судом Жабінскага раёна за «абразу прадстаўніка ўлады» і «абразу прэзідэнта» да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Сяліцкі асуджаны за «абразу прадстаўніка ўлады» да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пачкоўскі асуджаны судом Светлагорскага раёна на 1 год калоніі агульнага рэжыму за «абразу» Аляксандра Лукашэнкі. Па тым жа абвінавачванні Пак узяты пад варту. Касьянчук асуджаны судом Лідскага раёна за «абразу прэзідэнта» да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Лой асуджаны судом Ваўкавыскага раёна на 6 месяцаў «хатняй хіміі» за «абразу сцяга». У апеляцыйным парадку прысуд зменены на год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

эж

Лісты салідарнасці з палітвязнямі: “Не хапае кожнага, хто ў турме...”

14.12.2021 13:27
Праваабаронцы заахвочваюць беларусаў пісаць лісты падтрымкі палітычным зняволеным.