Беларуская Служба

Ігару Лосіку дазволілі сустрэцца з жонкай

15.12.2021 15:49
Спатканне журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка з жонкай Дар’яй адбылося ранкам 15 снежня ў будынку СІЗА-3 Гомеля.
Ігар Лосікздымак са старонкі ПЦ "Вясна"

Спатканне журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка з жонкай Дар’яй адбылося ранкам 15 снежня ў будынку СІЗА-3 Гомеля, дзе Ігара трымаюць з траўня 2021 году, – паведаміла Свабода. Спатканне Ігара з Дар’яй працягвалася дзве гадзіны. Яно прайшло ў памяшканні, падзеленым шклом і кратамі, размаўляць можна было праз тэлефон.

14 снежня Гомельскі абласны суд прыгаварыў Ігара Лосіка да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Ігар расказаў жонцы, што ў яго справе няма ніводнай экспертызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах. За ўвесь судовы працэс сваё прозвішча, калі ўсё зачытвалі, Ігар пачуў толькі адзін раз.

Паводле слоў Ігара, у матэрыялах справы згадваецца пра тое, што ён нібы кіраваў пратэстамі, знаходзячыся ў СІЗА № 1 у Мінску.

Перавесці Ігара ў іншае месца могуць у любы момант і пра гэта, як правіла, не паведамляюць родным. Даведацца можна толькі пасля таго, як у СІЗА адмовяцца прымаць перадачу.

У чацвер 16 снежня Дар’я Лосік плануе зрабіць перадачу для мужа.

Адразу пасля агучвання выраку Ігару Лосіку 14 снежня Дар’я выступіла з відэазваротам да ўладаў і Лукашэнкі асабіста.

Дар'я Лосік: Давайце сустрэнемся і я вам раскажу, праз што, дзякуючы вашым падначаленым, прайшла наша сям'я. Як гэта -- перажыць дзве галадоўкі мужа, даведацца, што ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам проста на вачах аднаго з вашых так званых следчых. Як гэта, калі цябе змяшчаюць у камеру з псіхічна нездаровымі людзьмі і як гэта — даведацца, што псіхолаг у СіЗА-3 горада Гомеля падштурхоўвае твайго мужа да новай спробы суіцыду. А вы папробуйце растлумачыць, чаму мы прайшлі і працягваем праходзіць усе гэтыя здзекі. ВЫ гаварылі, што не ваюеце з жанчынамі, аднак мой прыклад і прыклад дзясяткаў жанчын палітзняволеных паказвае іншае. Я думаю, што тэмаў для абмеркавання больш чым дастаткова. Выбар месца і часу я пакідаю вам. Збягаць і хавацца за мяжой я не збіраюся. Дакажыце мне, што вы не баязлівец. Чакаю на запрашэнне.

«Калі гаварыць пра грамадзяніна Лукашэнку і яго падначаленых, то пакуль усё ціха, – сказала Дар’я Лосік Свабодзе. – Ніякай рэакцыі не было, на жаль. І напэўна, мае словы, сказаныя ў канцы звароту, пацвярджаюцца. На жаль».

яс