Беларуская Служба

Макей: Беларусь гатова размясціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю

18.12.2021 13:31
Міністр замежных спраў звярнуў увагу, што НАТА ўшчыльную наблізіўся да беларускіх межаў.
Уладзімір МакейКадр з відэа МЗС Беларусі

Беларусь гатова размясціць у сябе ядзерную зброю пры пагрозе з боку НАТА. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю тэлеканалу RT Arabic, паведамляе БЕЛТА. Уладзімір Макей звярнуў увагу, што НАТА ўшчыльную наблізіўся да беларускіх межаў, пры гэтым ваенная актыўнасць альянсу і колькасць ваенных вучэнняў значна павялічыліся.

«Тое, аб чым заявіў Аляксандр Лукашэнка, што мы разглядаем магчымасць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернага ўзбраення, – гэта адзін з магчымых адказаў на будучыя магчымыя дзеянні з боку Паўночнаатлантычнага альянсу на тэрыторыі Польшчы», – падкрэсліў міністр. Кіраўнік МЗС таксама адзначыў, што пэўны плацдарм супраць Расіі НАТА зараз стварае і ва Украіне.

«Мы бачым, што колькасць вайскоўцаў ЗША і НАТА, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, узрастае», – сказаў ён. Міністр дадаў, што тое, што адбываецца ва Украіне выкарыстоўваецца кіраўніцтвам Паўночнаатлантычнага альянсу для нарошчвання магчымасцяў у рэгіёне.

аз