Беларуская Служба

Суд па справе палітзняволенага Ягора Дуднікава зрабілі закрытым

20.12.2021 10:27
Яго затрымалі 4 траўня, моцна збілі і катавалі, пра што ён сам распавёў праз адваката.
Ілюстрацыйны здымакфота: ilikeyellow/shutterstock

Сёння ў судзе Мінскага гарадскога суда распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 21-гадовага палітзняволенага расейца Ягора Дуднікава. Яго затрымалі 4 траўня, моцна збілі і катавалі, пра што ён сам распавёў праз адваката. Сем месяцаў хлопцаў утрымлівалі ў СІЗА па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале «ОГСБ». Але канчатковае абвінавачванне Ягору выставілі зусім па іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу – ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення. Справу палітвязня разглядае суддзя Сяргей Хрыпач. Але па хадайніцтву пракурора суд адразу зрабілі закрытым. Прычыны – «выключэнне распаўсюджвання экстрэмісцкай прадукцыі» і «абарона спецыяліста Князева».

Суд па справе закрыты, таму ў чым канкрэтна абвінавачваюць палітвязня вядома толькі з матэрыялаў Следчага камітэту і пракуратуры. Як распавядала апошняя, згодна з матэрыяламі справы «з 19 студзеня па 21 мая 2021 года з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі ў адным з Telegram-чатаў з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве размясціў не менш 55 агучаных ім галасавых паведамленняў пабуджальнага характару. Сваімі паведамленнямі абвінавачаны распальваў сацыяльную варожасць і розніцу па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці. Фармаваў адмоўны вобраз прадстаўнікоў улады і непрыязнасць да іх. Схіляў грамадзян да запланаваных проціпраўных дзеянняў. Ён жа ў Telegram-чаце заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, узнікнення масавых беспарадкаў з гвалтам да прадстаўнікоў улады, а таксама іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы краіны».

«Акрамя гэтага, Дуднікаў імкнуўся сфармаваць у грамадзян нянавісць да сілавога блоку, а таксама падбухторваў да гвалту і супраціву. Са словаў абвінавачанага, тэксты паведамленняў ён прыдумляў самастойна, а галоўная яго мэта – спрыяць звяржэнню дзейнай улады».

Стаўленне Ягора да абвінавачванняў, якое ён заявіў на судзе, невядома.

Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Мінску, на здымнай кватэры правялі ператрус (канфіскавалі толькі мікрафон) і змясцілі ў СІЗА КДБ.

ПЦ "Вясна"/нг