Беларускія праваабаронцы і праваабарончыя арганізацыі 21 снежня апублікавалі супольную заяву, у якой паведамілі пра прызнанне палітвязнямі яшчэ шасцярых чалавек.
Агулам цяпер у Беларусі 933 палітвязні.
Беларусы, якіх гэтым разам праваабаронцы прызналі палітвязнямі, былі абвінавачаныя ў распальванні варожасці. Гэта: Сяргей Петрушэнка, Таццяна Карповіч, Руслан Кузьміч, Андрэй Аўсіевіч, Андрэй Гарун і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў абвінавачаны ў змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады паводле арт. 357 КК. 64-гадовы Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка адначасова з юрыстам Юрыем Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Яны праходзяць падазраваным у крымінальнай справе аб «захопе ўлады» і спробе замаху на Аляксандра Лукашэнку. Кастусёў адмаўляе датычнасць да замаху.
Тэрмін утрымання пад вартай Кастусёву працягнулі да лютага 2022 года. Хадайніцтвы аб змене меры стрымання на хатні арышт праз стан здароўя застаюцца без задавальнення. 12 снежня стала вядома, што ў палітыка пацвердзілася анкалагічнае захворванне.
яс/Белсат