Групу грамадзян, якія аб'ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы «Радыё Свабода», МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваннем. Інфармацыя пра гэта зʼявілася 23 снежня ў тэлеграм-канале ведамства.
У пачатку снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі Telegram-канал, сацсеткі беларускай службы «Радыё Свабода» і канал на YouTube. Гэта адбылося на наступны дзень пасля таго, як ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да рэпрэсій і міграцыйнага крызісу. Сёння стала вядома пра тое, што на журналіста «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка завялі крымінальную справу.
У гэтым годзе беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі практычна ўсе буйныя незалежныя СМІ. Частка з іх, па рашэнні сілавых ведамстваў, названыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Нагадаем, што ў адпаведнасці з артыкулам 33 дзейнай Канстытуцыі Беларусі не дапускаецца «манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі абʼяднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура».
Артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе беларусам права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх абʼяднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
zerkalo.io / вх