У пятніцу 24 снежня суд Ленінскага раёна ударна працаваў. Адразу разглядаў дзве справы: крымінальны працэс над музыкамі Irdorath у адзінаццаць і ў дванаццаць - абвяшчэнне прысуду па справе студэнткі 3-га курсу хімічнага факультэту БДУ Златы Януковіч.
Вырак агучыла суддзя Марына Клімчук: 3 гады абмежавання волі — так званая «хімія» — менавіта такое пакаранне запытваў пракурор. Таксама суддзя пастанавіла задаволіць пазоў Мінсктрансу, паведаміў у Фэйсбуку Сергій Мельянец, які прысутнічаў на судзе. Мінсктранс прад'явіў дзяўчыне іск на суму 25 тысяч рублёў нібыта за страты ад перакрыцця дарог.
Дзяўчыну абвінавацілі ва «удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі), максімальны тэрмін пакарання па артыкуле — да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Злата Януковіч — студэнтка 3-га курсу хімфаку БДУ. Яе затрымалі 13 кастрычніка бягучага году за фотаздымак, зроблены 10 жніўня 2020 году ў Мінску.
Злату Януковіч выпусцілі на 10 дзён пад падпіску аб нявыездзе.
Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Злаце Януковіч.
«Кожны раз, калі сістэма рэпрэсіруе разумную і актыўную моладзь, яна пацвярджае, што ёй не патрэбная будучыня. Больш за тое, Лукашэнка гэтага будучыні баіцца, бо ведае, што там яму месца няма.
Ён здольны толькі на бясплодныя спробы вярнуць мінулае, дзе некалі адчуваў сябе камфортна і спакойна. І чалавек, які так імкнецца ў мінулае, урэшце там і застанецца. А ў будучыні фота са Златай Януковіч увойдзе ў падручнікі найноўшай Беларусі і будзе натхняць новыя пакаленні беларусаў. Гэтае фота - сведчанне годнасці і салідарнасці нашага народа».
юл