Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) прысудзіў званне «Карупцыянер года – 2021» Аляксандру Лукашэнку. «Апошні дыктатар Еўропы» ўдастоіўся гэтай узнагароды за патуранне арганізаванай злачыннасці і карупцыі.
Журы ў складзе шасці журналістаў і экспертаў у галіне супрацьдзеяння карупцыі выбрала Лукашэнку з рэкордных 1166 прэтэндэнтаў, намінаваных калегамі і чытачамі. Упершыню «Карупцыянера года» абралі аднагалосна.
Фіналісты звання «КАРУПЦЫЯНЕР ГОДА – 2021» (кандыдатаў вылучаюць чытачы, журналісты і рэдактары OCCRP і партнёрскіх арганізацый):
Пераможца: Аляксандр Лукашэнка. Фіналісты: экс-прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані; прэзідэнт Сірыі Башар Асад; прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган; былы канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц.
«У плане карупцыі гэта быў "выдатны" год, але Лукашэнка ўсіх перагнаў», – пракаментаваў рашэнне каардынатар журы, сузаснавальнік OCCRP Дру Саліван.
Вось чым вызначыўся Лукашэнка за апошні год: арганізаваў патокі дзяржаўных сродкаў алігархам, блізкім яго сям'і; загадаў перахапіць і пасадзіць у Мінску пасажырскі самалёт Ryanair з беларускім дысідэнтам на борце з парушэннем міжнароднага паветранага права; справакаваў міграцыйны крызіс, накіраваўшы тысячы мігрантаў да мяжы Беларусі з Еўрасаюзам; распаўсюджваў дэзынфармацыю аб каранавірусе і метадах яго лячэння.
Яшчэ адна ўдзельніца журы Луіза Шэлі з Універсітэту Джорджа Мэйсана кажа, што ў палітычнай гульні Лукашэнка прадэманстраваў новы ўзровень цынізму і жорсткасці. Паводле слоў Шэлі, Лукашэнка «выкарыстоўваў злачынныя і карумпаваныя сеткі беларускага ўрада, каб справакаваць масавую міграцыю, якая выклікала адчай, насілле і бясконцую жорсткасць».
Горкая іронія заключаецца ў тым, што Лукашэнка ішоў да перамогі на сваіх першых прэзідэнцкіх выбарах менавіта пад лозунгамі барацьбы з карупцыяй.
нг