Праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі з'явіўся ў інтэрнэце на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. Шэраг паўнамоцтваў прэзідэнта прапануецца замацаваць за ўрадам. Могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра. Якія змены прапануецца ўвесці:
▫ набыццё і спыненне грамадзянства здзяйсняюцца ў адпаведнасці з законам;
▫ прымусовая праца забараняецца, акрамя працы ці службы на падставе судовай пастановы;
▫ праява патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народу зʼяўляюцца абавязкам;
▫ шлюб як саюз жанчыны і мужчыны;
▫ у дэпутаты не маюць права абіраць і быць абранымі грамадзяне, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі;
▫ забараняецца фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення выбараў замежнымі дзяржавамі, арганізацыямі і грамадзянамі;
▫ прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Беларусі па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў раней грамадзянства іншай дзяржавы або ВНЖ або іншага дакументу замежнай дзяржавы, якая дае права на льготы і іншыя перавагі;
▫ адна і тая ж асоба можа быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны;
▫ Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў;
▫ прэзідэнт можа быць зняты з пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі або ўчынення дзяржздрады ці іншага цяжкага злачынства;
▫ прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў;
▫ Усебеларускі народны сход – вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі.
Канстытуцыйны рэферэндум запланаваны на люты 2022 года, але дагэтуль няма канкрэтнай даты.
нг