У ноч на 25 красавіка Расія нанесла масіраваны ракетна-дронавы ўдар па Украіне. Найбольш пацярпеў Дняпро, па ім было нанесена дзве хвалі ўдараў: удзень і ўначы. Там загінулі як найменей пяць чалавек, яшчэ больш за два дзясяткі — параненыя, сярод іх — дзіця.
Ратавальнікі працягваюць пошукі людзей пад заваламі разбуранага дома. Адзін з жыхароў Дняпра распавёў пра перажытае.
— Мяне разбудзіў выбух. Упала першая ракета — мы ўцяклі, потым другая. Я думаў, што б’юць па заводзе, але трэцяя і чацвёртая трапілі ў дом. Мы хаваліся, як маглі.
Паводле мясцовых уладаў, у горадзе пашкоджаныя жылыя дамы і прадпрыемствы, узніклі пажары. У Харкаве дроны ўдарылі па грамадзянскай інфраструктуры, ёсць параненыя.
Паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, у выніку атак па ўсёй краіне загінулі некалькі чалавек, больш за тры дзясяткі атрымалі раненні.
Украінскія сілы ППА збілі большасць паветраных цэляў.
iar/pap/эж