Беларуская Служба

У Беларусі развітваюцца з паэтам Анатолем Вярцінскім

22.04.2022 14:16
Развітанне з паэтам Анатолем Вярцінскім пройдзе 23 красавіка ў Мінску.
Аўдыё

Развітанне з паэтам Анатолем Вярцінскім  пройдзе заўтра, 23 красавіка, ў рытуальнай залі на вул. Альшэўскага, 12 у Мінску. Пачатак а 12-й гадзіне.

Вядомы беларускі паэт, перакладчык, публіцыст Анатоль Вярцінскі пайшоў з жыцця 21 красавіка на 91-м годзе жыцця.

Акрамя вершаў Вярцінскі пісаў п'есы для дзяцей і перакладаў на беларускую са шматлікіх еўрапейскіх моваў.

У 1986-1990 гадах быў галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Менавіта ў той час на яго старонках пачало зʼяўляцца шмат артыкулаў па гісторыі і культуры Беларусі, у тым ліку артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты.

Вярцінскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання, удзельнічаў у распрацоўцы тэксту Канстытуцыі Беларусі 1994 года.

Публікуем верш Вярцінскага "Два полі", актуальны для нашага часу:

Было ў салдата два полі,

поле, дзе кветкі ірваў,

бегаў з сябрамі на волі,

і поле, дзе ён ваяваў.

Ціха было і чыста

У полі яго дзяцінства,

былі агонь і дым

на полі ратным тым.

Два полі было ў салдата.

Адно зелянела травой,

другое было ўзарата

вайной і паліта крывёй.

Было ў салдата два полі,

поле, дзе кветкі збіраў,

бегаў з сябрамі на волі,

і поле, дзе ён паміраў.

1976

вх