Беларуская Служба

Украінскае Мінабароны: У Беларусі ставяць каля мяжы з Украінай драўляныя муляжы танкаў

22.06.2022 17:27
Гэта робіцца з мэтай правядзення аператыўнага маскавання і дэманстрацыі сваёй прысутнасці.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/OpenClipart-Vectors

У Міністэрстве абароны Украіны заявілі, што Беларусь да аховы дзяржаўнай мяжы з Украінай пачала залучаць вайскоўцаў тэрміновай службы.

«Асноўныя высілкі беларускія вайскоўцы сканцэнтравалі на вядзенні выведкі, на інжынерным абсталяванні пазіцый, а таксама на ахове дзяржаўнай мяжы. Прычым, пачалі залучаць вайскоўцаў тэрміновай службы», – сказаў сьпікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік 22 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве, якога цытуе Свабода.

Паводле яго, у беларускім памежжы таксама працягваецца праверка баявой гатоўнасці Узброеных сіл Беларусі.

«З мэтай правядзення аператыўнага маскавання і дэманстрацыі сваёй прысутнасці, падраздзяленні Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь размяшчаюць у памежных з Украінай раёнах драўляныя муляжы танкаў», – дадаў Аляксандр Матузянік.

Спікер Міністэрства абароны Украіны адзначыў, што, нягледзячы на тое, што сур’ёзных зменаў у сітуацыі на мяжы з Беларуссю не адбываецца, пагроза нанясення з беларускай тэрыторыі ракетных удараў па Украіне ўсё яшчэ застаецца.

Аляксандр Матузянік дадаў, што цяпер украінскі бок удакладняе інфармацыю пра магчымае перакіданне з Расіі ў Беларусь зенітна-ракетных комплексаў «С-300». У той жа час, паводле яго, звесткі аб мабілізацыі ў беларускае войска пакуль не пацвярджаюцца.

«Там ствараецца так званае паўднёвае аператыўнае камандаванне, што прадугледжвае павелічэнне колькасці Узброеных сіл Беларусі на 20 тысяч. У сувязі з гэтым там праводзіцца рэкрутынгавая кампанія. Наконт мабілізацыі я не маю звестак», – сказаў ён.

нг