Беларуская Служба

Расійскія генералы прыехалі ў РБ кантраляваць падрыхтоўку вайскоўцаў. Міністэрства абароны Беларусі маўчыць

25.11.2022 18:09
   .
Будынак Міністэрства абароны Беларусі.Фота з адкрытых крыніц.

Паводле інфармацыі з прапагандысцкіх ТГ-каналаў, група расійскіх генералаў на чале з начальнікам Галоўнага аператыўнага ўпраўлення ГШ ВС РФ Сяргеем Рудскім (ГАУ ГШ ВС РФ) прыбылі ў РБ з працоўным візітам. Верагодна, генералы прыбылі на аэрадром у Мачулішчах, паведамляе ініцыятыва «Беларускі Гаюн», якая займаецца маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі ў сувязі з вайною ва Украіне.

Вайскоўцы маюць задачу праінспектаваць ход сумеснай падрыхтоўкі так званай рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) на палігонах РБ.

Пасля заслухоўвання дакладаў аб ступені гатоўнасці расійскай часткі РГВ да выканання задач па прызначэнні, генералы агледзяць пункты кіравання, навучальныя месцы і казармы вайскоўцаў. Асобная ўвага будзе ўдзелена пытанням арганізацыі забеспячэння і ўдасканаленню побытавых умоў для ваеннаслужачых.

Правядзенне праверак і інспекцый у войску ў прынцыпе – звычайная з'ява. Расійскія вайскоўцы знаходзяцца на палігонах у РБ амаль паўтара месяца. Гэтага часу дастаткова, каб правесці з асабовым складам базавы курс ваеннай падрыхтоўкі. Адзначым, што гэта першая публічная інспекцыя высокіх начальнікаў з Масквы расійскага кантынгенту РГВ у РБ.

Як паведамляецца ў інфармацыі аб візіце, генералы павінны заслухаць даклады аб ступені гатоўнасці падраздзяленняў РГВ для выканання задач па прызначэнні. Можна меркаваць, што па выніках інспекцыі будзе зроблены даклад вышэйстаячаму кіраўніцтву ў Міністэрстве абароны РФ. І на падставе гэтага будуць прымацца далейшыя рашэнні адносна расійскага кантынгенту РГВ у РБ.

Ініцыятыва «Беларускі Гаюн» звяртае ўвагу, што Міністэрства абароны Беларусі ў сваім ТГ-канале не апублікавала прэс-рэліз пра візіт расійскіх генералаў. Гэты факт, у тым ліку паказвае ўзровень адносін паміж РБ і РФ у ваеннай сферы. Нешта падобнае было і падчас вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022», калі зводкі Міністэрства абароны Беларусі не адпавядалі фактычнаму знаходжанню расійскіх войскаў у РБ. Тады вайскоўцы Узброеных сілаў РФ не лічылі неабходныя інфармаваць сваіх беларускіх калегаў.

вх