Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў (ISW), каментуючы візыт Уладзіміра Пуціна ў Мінск у панядзелак, адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка, верагодна, абараніўся ад спробаў прымусіць Беларусь пайсці на чарговыя саступкі ў інтэграцыі Беларусі з Расіяй.
У цэнтры адзначаюць, што падчас візіту Пуцін і Лукашэнка не казалі публічна пра расійскае ўварванне ва Украіну, але сцвярджалі, што заходнія краіны пагражаюць Беларусі. «Лукашэнка выкарыстоўвае рыторыку абароны беларускіх межаў ад Захаду і NATO, спрабуючы пазбегнуць датычнасці да ўварвання Расіі ва Украіну», – адзначаюць амерыканскія аналітыкі.
На думку Інстытута, «удзел Беларусі ў вайне Пуціна супраць Украіны застаецца малаверагодным» і «той факт, што Пуцін, здаецца, прыняў прапанаваную Лукашэнкам тэму перамоваў, не пераконваючы яго змяніць яе, ускосна пацвярджае гэтую ацэнку».
Аналітыкі таксама звяртаюць увагу на афіцыйныя абвяржэнні Крамля, які заявіў, што Расія «не зацікаўлена нікога паглынаць». Яны ацэньваюць іх як «спробу прыкрыць той факт, што Пуцін адчайна спрабуе ўцягнуць Лукашэнку ў вайну і, падобна, зноў не здолеў гэтага зрабіць».
ав