Беларуская Служба

Ціханоўская заклікала сусветны бізнес падтрымаць незалежныя беларускія СМІ

17.01.2023 14:05
Яна падкрэсліла, што з нецярпеннем чакае дня, калі сапраўдная свабода СМІ вернецца ў Беларусь.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org

Святлана Ціханоўская заклікала падтрымаць незалежныя беларускія СМІ. Пра гэта палітык напісала ў сваёй калонцы ў выданні Politico.

У матэрыяле яна пералічвае прыклады пераследу беларускіх незалежных СМІ рэжымам Лукашэнкам. Ціханоўская згадвае крымінальныя справы і суды над TUT.by, журналістамі «Белсату» і іншымі недзяржаўнымі рэдакцыямі.

«Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, за апошнія некалькі гадоў краіну пакінулі больш за 400 журналістаў. І сама меней 33 работнікі СМІ знаходзяцца за кратамі», – адзначыла Ціханоўская.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што падтрымка Аляксандра Лукашэнкі мае вырашальнае значэнне для стратэгіі Расіі супраць Украіны. На яе думку, пакуль Лукашэнка выступае ў якасці сатэліта Уладзіміра Пуціна, «барацьба Украіны за свабоду будзе нашмат цяжэйшай».

«Адзін са спосабаў, якім астатні свет можа дапамагчы зараз, – гэта падтрымаць выгнаныя беларускія СМІ. На гэтым тыдні я сустракаюся з лідарамі сусветнага бізнесу ў Давосе і заклікаю іх падтрымаць незалежныя беларускія газеты, лічбавыя выданні, радыёстанцыі і тэлеканалы прыбыткамі ад рэкламы і падпіскі. Незалежныя СМІ з’яўляюцца крыніцай жыццёвай сілы дэмакратыі і вельмі важна, каб грамадзяне Беларусі мелі доступ да фактаў. Альтэрнатыва – катаванні – шматгадзінная лукашэнкаўская прапаганда неаднаразова транслявалася ў дзяржаўных СМІ», – напісала Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што з нецярпеннем чакае дня, калі сапраўдная свабода СМІ вернецца ў Беларусь, паведамляе reform.by.

вс