Беларуская Служба

Журналісты знайшлі магчымыя месцы вытворчасці ў Беларусі «зубоў цмока» для расійскага войска

23.01.2023 08:31
Расія стварае з іх лініі абароны паблізу мяжы з Украінай у Белгарадзкай вобласці Расіі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях.
          .  2022. .
Руская абарончая лінія з акопамі ў напрамку Сватава ў Луганскай вобласці. Лістапад 2022. Украіна. Фота: расійскія СМІ

Журналістам гомельскага незалежнага выдання «Флагшток» удалося высветліць, дзе ў Беларусі, верагодна, вырабляюць супрацьтанкавыя жалезабетонныя піраміды для расійскай арміі, паведамляе «Свабода». Жыхары Гомля яшчэ ў снежні сталі заўважаць грузавікі, якія перавозяць піраміды, паведамляў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Так званыя «зубы дракона» вышынёй 90-120 см, цяпер у вялікай колькасці выкарыстоўваюць улады і войскі Расіі, каб стварыць лініі абароны паблізу мяжы з Украінай у Белгарадзкай вобласці Расіі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги», умацаванні ўжо больш за месяц вырабляе Гомельскі завод жалезабетонных вырабаў і пастаўляе ў Расію. І гэта не адзінае такое прадпрыемства ў Беларусі.

Журналісты «Флагштока» праверылі сайты аб’яў і на расійскім «Авито» знайшлі размешчаную ў снежні абвестку ад прыватнай асобы, у якой прапаноўваліся да продажу бетонныя тэтраэдры, вырабленыя ў Гомлі. Аўтар аб'явы не даў назву вытворчасці, але адзначыў, што там выпускаюць да 100 «зубоў цмока» за дзень.

«Флагшток» удакладняе, што пашукаў у адкрытых базах дадзеныя аб арганізацыях, зарэгістраваных па адрасе завода, якія займаюцца бетоннымі вырабамі. Знайшлася толькі адна – прыватная фірма «БетонСтройСнаб», але яна з лістапада знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

Выданне «Зеркало» атрымала інфармацыю пра тое, што вытворчасцю «зубоў дракона» з канца 2022году таксама займаецца ААТ «Бабруйскі завод буйнапанельнага домабудавання». Інфармацыя паступіла з адной крыніцы і пакуль што дадаткова не пацверджаная.

аз