Беларуская Служба

На «Беларуськаліі» дзясяткамі скарачаюць працаўнікоў прадпрыемства

18.03.2023 10:14
На сітуацыю відавочна паўплывалі санкцыйныя абмежаванні па рэалізацыі прадукцыі прадпрыемства.
«Беларуськалій»фота: «Беларуськалій»

Як стала вядома salidarnast.info, на найбуйнейшым у Беларусі калійным прадпрыемстве сталі частымі выпадкі схаваных скарачэнняў. Стала вядома аб дзясятках выпадках не працягу або скасавання кантрактаў з работнікамі рудаўпраўленняў прадпрыемства.

На думку работнікаў, скарачэнні закранулі больш за ўсё руднікі, чым фабрыкі па ўзбагачэнні руды. Для таго каб не выклікаць абурэнне ў калектыве, кантракты не працягваюць выбарачна ў розных брыгадах.

- Многіх работнікаў звальняюць па выніках медкамісіі, якую яны не праходзяць і іх выводзяць з шахты. Калі раней ім прапаноўвалася працоўнае месца без шкодных фактараў, то зараз, наогул могуць нічога не прапанаваць, – распавядае працаўнік прадпрыемства.

Таксама шмат выпадкаў не падаўжэння кароткатэрміновых працоўных дамоваў, асабліва з былымі актывістамі незалежнага прафсаюза ці тымі, хто быў заўважаны ў пратэстах 2020 года. Раней у СМІ агучвалася інфармацыя, што КДБ і супрацоўнікамі Службы бяспекі прадпрыемства ў аддзелы кадраў былі перададзеныя спісы супрацоўнікаў калійнага прадпрыемства з якімі неабходна скасаваць працоўныя дамовы.

- Пра памеры звальненняў цяжка казаць, бо работнікі часта замоўчваюць факт звальненняў, але зараз вядома пра дзясяткі выпадкаў, – адзначыў суразмоўца выдання.

Скарачэнне колькасці працоўнага калектыву прадпрыемства і вываду асобных цэхаў у аўтсорсінг праводзіцца на «Беларуськаліі» апошнія 6 гадоў.

Работнікі лічаць, што такім чынам за кошт зніжэння колькасці работнікаў брыгад і павелічэння інтэнсіўнасці працы для працоўных, адміністрацыя падвышае рэнтабельнасць прадпрыемства і пры неабходнасці будзе гатова прадаць яго. Да таго ж, на сітуацыю відавочна паўплывалі санкцыйныя абмежаванні па рэалізацыі прадукцыі прадпрыемства.

Калі раней работнікі аб'яднаныя ў незалежны прафсаюз маглі выстаўляць патрабаванні адміністрацыі, праз калектыўны дагавор уплываць на ўмовы працы і заработную плату. Тое сёння на прадпрыемстве дзейнічае адзін кішэнны прафсаюз, якім кіруе, фактычна прызначаны – былы намеснік гендырэктара Рыбак. Цяпер салігорскае прадпрыемства цалкам пад кантролем генеральнага дырэктара Івана Галаватага.

Варта адзначыць, што ў дачыненні да Галаватага ў лютым 2023 года былі працягнутыя персанальныя санкцыі, накладзеныя ЕС. Аднак «Нашай Ніве» з дыпламатычных крыніц стала вядома, што Бразілія з шэрагам афрыканскіх краін пры падтрымцы некаторых краін ЕС лабіруюць вывад з-пад санкцый асоб, якія кантралююць здабычу калію. Гаворка ідзе пра мільярдэра Гуцырыева і Галаватага. Асноўным аргументам лабістаў зʼяўляецца прадуктовая бяспека ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы.

ав