Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі 21 красавіка прыняла рашэнне «аб магчымасці спынення ліцэнзій на адвакацкую дзейнасць» адносна пяці адвакатаў, паведаміла прэс-служба ведамства, якую цытуе «Свабода».
Адносна Аляксея Бародкі, Аляксандра Гурыновіча і Ігара Сцяпанава такое рашэньне прынятае «ў сувязі з прымяненнем да іх дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегій адвакатаў (Мінскай і Віцебскай) за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката». Гаворка пра нейкія «дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру».
У сувязі з «немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі» аналагічнае рашэнне прынятае адносна Інэсы Аленскай і Дзяніса Шарстнёва. Непасрэдна пра «немагчымасць выканання» імі сваіх абавязкаў камісія заявіла яшчэ напрыканцы сакавіка.
Бародку і Гурыновіча раней актыўна цытавалі дзяржаўныя СМІ, іх запрашалі ў эфір беларускія тэлеканалы.
Інэса Аленская – вядомая абаронца палітвязняў. Яна была адвакатам відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, праваабаронцы Анастасіі Лойкі, у мінулым апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча. У сакавіку Аленскую судзілі ў адміністрацыйным парадку за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Пачынаючы ад 2020 году адвакацкай ліцэнзіі былі пазбаўленыя многія дзясяткі адвакатаў.
аз