У Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі шпіталізацыю палітвязня Віктара Бабарыкі, ён у хірургіі. Іншыя падрабязнасці невядомыя. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў штабе Віктара Бабарыкі, паведаміла «Свабода».
26 красавіка ў вечары «Рабочы рух» паведаміў, што з некалькіх крыніц да іх паступіла інфармацыя аб тым, што ў ноч з 24 на 25 красавіка з ПК-1 Наваполацка ў Наваполацкую цэнтральную гарадскую бальніцу са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі даставілі Віктара Бабарыку.
Праз некалькі гадзін згаданая крыніца ўдакладніла, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў аддзяленні хірургіі і ў яго пнеўматоракс, а ў шпіталь паступіў са слядамі збіцця.
Святлана Ціханоўская запатрабавала ад афіцыйных уладаў публічна прадэманстраваць палітзняволенага. «Мы патрабуем публічна прадэманстраваць, у якім ён стане. Мы патрабуем допуску адвакатаў і сваякоў да яго. Любыя іншыя дзеянні будуць тлумачыцца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю», – напісала палітык.
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка асуджаны на 14 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакаранне ў Наваполацку.
аз