Беларуская Служба

Пагранслужба Украіны: Колькасць расійскіх ваенных у Беларусі рэзка зменшылася

02.05.2023 09:20
 Пра гэта паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафона.
-
Санкт-ПецярбургPAP/EPA/ANATOLY MALTSEV

На тэрыторыі Беларусі значна паменшылася колькасць расійскіх вайскоўцаў: пасля праходжання навучання Расія адпраўляе іх ваяваць на ўсход Украіны. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафона.

«Колькасць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі цяпер значна меншая, чым гэта было яшчэ некалькі месяцаў таму. Раней, па нашых дадзеных, іх там знаходзілася каля 10-11 тысяч. На дадзены момант гэта каля 2800 вайскоўцаў, якія, як правіла, задзейнічаныя на палігонах для навучання», – адзначыў ён.

Паводле яго слоў, пасля завяршэння навучання на тэрыторыі Беларусі падраздзяленні расійскіх войскаў вяртаюцца на тэрыторыю РФ і надалей адпраўляюцца на ўсход Украіны.

Ён падкрэсліў, што сітуацыя застаецца поўнасцю кантралюемай і ўкраінская пагранслужба не фіксуе, што ў Расіі ёсць ударная групоўка, якая магла б зрабіць уварванне на тэрыторыю Украіны з Беларусі. Аднак, як адзначыў Дземчанка, Украіна павінна быць гатова да розных сцэнароў, таму працягвае ўмацоўваць як лінію мяжы, так і прыгранічча.

ав/zerkalo.io