Беларуская Служба

Суд ЕЗ адхіліў пазоў рэжымных дэпутатаў, якія патрабавалі зняць з іх санкцыі

29.05.2023 13:05
 Акрамя таго, дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў абавязаныя аплаціць выдаткі, панесеныя Саветам ЕЗ.
    ()
Суд ЕЗ у Люксембургу (ілюстрацыя)Фота: Shutterstock/nitpicker

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая і Аляксандр Амельянюк спрабавалі аспрэчыць санкцыі, накладзеныя на іх Еўрапейскім Звязам, піша reform.by. Але Еўрапейскі суд у Люксембургу пастанавіў адхіліць іх пазоў.

Любецкая і Амельянюк трапілі ў «чорны спіс» ЕЗ 21 чэрвеня 2021 года. Яны ўзначальвалі Пастаянную камісію па заканадаўстве і ўдзельнічалі ў распрацоўцы і прыняцці рэпрэсіўных законаў супраць удзельнікаў мірных пратэстаў.

Так званыя дэпутаты заяўлялі, што санкцыі маюць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып сувымернасці.

Адказчыкам у судзе выступаў Савет ЕЗ, які прадставіў доказы, што старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Любецкая і яе намеснік Амельянюк займаліся распрацоўкай абноўленага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У гэты кодэкс былі ўключаныя шэраг новых артыкулаў, якія ўзмацняюць адказнасць у дачыненні да апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Суд ЕЗ 24 траўня адхіліў пазоў Любецкай і Амельянюка. Акрамя таго, дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў абавязаныя аплаціць выдаткі, панесеныя Саветам ЕЗ.

эж